ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,
мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)